Да 130-годдзя з дня нараджэння паэта Максіма Багдановіча прайшла літаратурна-музычная гадзіна ў школьнай бібліятэцы.
13.12.2021
11 снежня ў бібліятэцы суместна з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры і біблятэкара прайшло мерапрыемства “Незабыўны Максім Багдановіч”, прымеркаванае да юбілею вялікага беларускага паэта Максіма Багдановіча. Вучні 8-9 класаў змаглі ў даступнай форме даведацца аб дзяцінстве і беларускім перыядзе жыцця паэта, яго асяроддзі, аб таленце і шматграннасці яго асобы.
Напэўна кожнаму беларусу знаёма гэта імя. Непаўторнае месца ў гісторыі беларускай культуры займае літаратурная дзейнасць Максіма Багдановіча. Яго называюць песняром красы і гармоніі. Вялікая любоў жыве ў народзе да яго паэзіі, да яго самога – як чалавека таленавітага і самаадданага. Кожнае пакаленне зноў і зноў адкрывае для сябе веліч асобы паэта і незвычайнае хараство яго лірыкі.
Нягледзячы на тое, што паэт пражыў усяго дваццаць пяць гадоў, ён быў вельмі высокаадукаваным юнаком, ведаў каля дзесяці моў, чытаў у арыгінале Верлена, Гейне, Гётэ, перакладаў Пушкіна, Фета, Майкова, Цютчава на беларускую мову, а таксама перакладаў і свае творы на рускую. Некаторыя вучні прызналіся, што захапляюцца яго талентам і схіляюцца перад вышынямі яго творчасці.
У выкананні вучняў прагучалі вядомыя творы М.Багдановіча: “Раманс” (“Зорка Венера ўзышла над зямлёю…”), “Слуцкія ткачыхі”, “Санет” (“Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…”), “Песняру” і інш. Гучалі песні-прэзентацыі на словы паэта.
Магчыма, і пасля сустрэчы хто-небудзь, натхнёны праведзеным мерапрыемствам, вечарам возьме зборнік вершаў Максіма Багдановіча і падорыць сабе прыемныя хвіліны адпачынку ў асяроддзі таленавітага паэта.
Мы в соцсетях: